вторник, 21 февраля 2017 г.

Як загаварыць па-беларуску? ТОП-5 парад

У мяне часта пытаюцца, чаму я пайшла на настаўніка менавіта беларускай мовы? Чаму не замежная, не руская?
Нават сама сабе не магу ўпэўнена і канкрэтна даць адказ. Хутчэй за ўсё, гэта нейкая інтуітыўная сувязь з беларускай мовы яшчэ са школьных год…

Сёння, 21 лютага, адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы.
Роднай – значыць беларускай. Для мяне беларуская мова ніяк не мёртвая, не “мова калгаснікаў”, не модны трэнд, не адносіны з палітычнымі аб’яднанні. Для мяне мова – гэта сродак зносін, вялікая сістэма і, безумоўна, асаблівая, родная  мілагучнасць. Мне падабаецца гаварыць па-беларуску, чытаць нашу літаратуру, карыстацца мовай у зносінах ды проста падабаецца вучыць гэтаму прадмету сваіх вучняў.


Няпросты статус беларускай мовы ў наш час – пытанне актуальнае. Што я раблю, каб папулярызаваць мову? Што я магу параіць вам для гэтага? Як загаварыць па-беларуску? Прапаную вам невялікі спіс маіх парад:
1) Пачніце чытаць беларускую літаратуру! Я вас не прымушаю чытаць апокрыфы і розную палемічную літаратуру на старабеларускай мове. Больш за тое, беларуская літаратура – гэта не толькі творы пра вайну, “пра сялянскага гаротнага мужыка”. Беларуская літаратура – выдатная скарбонка: нам даказала гэта Святлана Алексіевіч J
Беларускае слова прадстаўлена разнастайнымі літаратурнымі жанрамі: гістарычная проза (У. Караткевіч, Л. Дайнека, У. Арлоў), прыгодніцкая – Л. Рублеўскай, фантастычная проза Я. Баршчэўскага, вастрыня і рэалізм Віктара Казько і Юрыя Станкевіча. Агромністая лірычная паліца – Багдановіч,  Барадулін, Разанаў, Вярцінскі – гэта толькі спіс маіх фаварытаў, але я ведаю, што вы знойдзеце шмат чаго цікавага і для сябе!
У кнігарнях працуюць дасведчаныя кансультанты – яны вам абавязкова дапамогуць знайсці патрэбную беларускую кнігу. Якая, дарэчы,  няшмат каштуе.
2) Абнавіце свой плэйліст: дадайце туды тых спевакоў, тыя гурты, у рэпертуары якіх ёсць клёвыя беларускамоўныя песні! Я прапаную вам паслухаць NAVIBAND, J:морс, BRUTTO, beZ bileta… Увогуле, шмат чаго мне падабаецца з беларускай музычнай класікі – з Песняроў – і інструментальная афарбоўка, і лірычныя, вясёлыя песні. Дарэчы, люблю вельмі песню “Рэчанька” ў выкананні гурта ProSSpekt. Паслухайце!
3) Па магчымасці, выбірайце беларускую мову пры карыстанні банкаматам, рознымі сайтамі, дадаткаміНяхай вашы гаджэты перайдуць на беларускую мову разам з вам! Google таксама можа размаўляць на мове! Беларуская клавіятура лёгка спампоўваецца на любы смартфон, камп’ютар, галоўнае – зрабіць першы крок.
4) Прапаную вам таксама карыстацца мовай і ў сацсетках. Калі вам складана весці гутарку па-беларуску, то вы можаце проста падпісаць свае старонкі па-беларуску: прозвішча і імя. Часта карыстаюся мовай і ў Instagram ці Twitter, падпісваючы асобныя публікацыі на роднай мове.
 5) Калі вы любіце глядзець відэаролікі, фільмы, то ў Інтэрнэце вялікая колькасць крутых ролікаў на мове. Доказ гэтаму – з’яўленне вялікай колькасці беларускамоўнай рэкламы. Таксама ў Facebook ёсць клёвая суполка “TED па-беларуску”, дзе вы можаце знайсці выступленні крутых лектараў з беларускамоўнымі субтытрамі.

 
Безумоўна, я прапанавала самыя прымітыўныя парадкі J Але нават з іх пачнецца вялікая справа – другое нараджэнне нашай мовы, у якое я шчыра веру. Галоўнае – пачаць, а пасля ўсё абавязкова атрымаецца, стане звычайным. Тады, падчас наступнага перапісу насельніцтва, вы адзначыце беларускую мову як не проста родную, але і загаварыце на ёй!

Комментариев нет:

Отправить комментарий