суббота, 21 мая 2016 г.

ДЗЕ ВУЧЫЦЦА МЕДЫЯГРАМАТНАСЦІ НАСТАЎНІКУ?

або некалькі слоў пра курс-практыкум “Медыяадукацыя ў школе” 

Працуючы ў школе другі год, я стараюся падтрымліваць сваю педагагічную кампетэнтнасць – і гэта я не толькі пра падпіску на “Настаўніцкую” – праглядаю розныя сайты, цікаўлюся новымі методыкамі… 


Узімку мне патрапілася на вочы цікавая прапанова: запрашалі ўсіх ахвотных настаўнікаў прыняць удзел у дыстанцыйным курсе “Медыяадукацыя ў школе”. І… я асмелілася! За гэта асобнае дзякуй платформе nastaunik.info, а таксама Таварыству беларускай школы. А зараз крыху падрабязней…

Медыяадукацыя ў школе - курс-практыкум для настаўнікаў
       Гэты курс будзе не столькі курсам навучання, колькі курсам падтрымкі самастойнай дзейнасці ўдзельнікаў у сваіх школах. Кожны модуль будзе ўтрымліваць невялікі тэарэтычны матэрыял і практычнае заданне, якое ўдзельнікі павінны будуць выканаць на ўроку ці пазакласным занятку, у працы з бацькамі і з настаўнікамі сваёй школы.

         Адкажу адразу, што я пачатковец у дыстанцыйным навучанні, бо ніколі да гэтага я не атрымлівала адукацыю за “электроннай” партай. Але, даслаўшы матывацыйны ліст, праз некалькі дзён я даведалася, што стала ўдзельнікам гэтага курса. Сапраўды, мне было прыемна адчуць сябе студэнтам, што я стала маленькай часткай нечага новага, цікавага. Ну, і таксама пазнаёмілася бліжэй з сістэмай moodle.
         Увогуле, асноўныя мэта гэтай дыстанцыйкі – раскрыць сутнасць паняцця “медыяадукацыя”, як зрабіць урок медыйным ды й як быць медыйнай асобай у час інфармацыйнай перагрузкі. Мяркую, што медыяграматнасць зараз – важнае патрабаванне для кожнага настаўніка.

Увесь курс складаецца з 5 модуляў: ад перашапачатковага – знаёмства – да канчатковага – стварэння свайго медыяматэрыялу. Натуральна, што асноўны ўхіл трэба звярнуць на самаадукацыю і ваша жаданне вучыцца дыстанцыйна. Увогуле, курс арыентуецца на практыку, асабліва не засяроджвацца на тэорыі медыя. Ён толькі акрэслівае неабходныя паняцці, якія стануць асноўнымі арыенцірамі ў навучанні.

         Што ўвогуле разумець пад медыя? Гэта выкарыстанне мультымедыя? J Ці чытанне газеты на ўроку і абмеркаванне яе інфармацыі? Зразумела, што не толькі гэтыя “меганавыкі”. Гэта шматгранная з’ява, якая прысутнічае ў жыцці кожнага з нас. Прапаную вам некалькі вытрымак з першага модуля:

     “Медыя (паходзіць ад лацінскага “medium” – пасярэднік, сродак): гэты тэрмін можа мець розныя значэнні залежна ад кантэксту.  Школьны падручнік – таксама медыя, але ён паступова губляе сваю функцыю галоўнага сродка навучання,  саступаючы яе іншым – найперш інтэрнэту. Настаўніку гэта трэба мець на ўвазе.
     У кантэксце медыяграматнасці тэрмін медыя апісвае толькі сродкі масавай камунікацыі (СМК), да якіх традыцыйна адносяць друк, радыё, тэлебачанне, кінематограф, гуказапісы, відэа, інтэрнэт.
     Новыя медыя – змест, размешчаны на лічбавых платформах. Новыя медыя, як правіла, больш гнуткія, даюць карыстальнікам магчымасць зваротнай сувязі. Аднак у апошні час адбываецца канвергенцыя (узаемапранікненне) усіх відаў медыя.

         Хочацца адзначыць, што для мяне ў гэтым курсе было вельмі важным навык укаранення медыя ў працэс адукацыі, у звычайныя ўрокі беларускай мовы і літаратуры, у класныя і інфармацыйныя гадзіны… Такому навыку спрыяла практычнае АСНОЎНАЕ заданне курса: стварэнне ўрока, а таксама выхаваўчай адзінкі з элементамі медыя.
         Адразу адкажу, што распрацоўка медыяўрокаў – гэта аб’ёмная,  удумлівая праца, дзе кожная хвіліна і этап урока павінен быць якасна прадугледжаны. Дзякуй, безумоўна, нашым ментарам – асабіста паважанай Наталлі Ільініч, – якія  ўвесь час былі віртуальна побач з намі, студэнтамі. Кожны крок карэкціраваўся, даваліся трапныя заўвагі, слушныя рэкамендацыі. Па праўдзе кажучы, вельмі чакала і хвалявалася за тое, ці спадабаецца мая праца паважанаму ментару.
         Зараз ужо амаль канец мая: так хутка прайшлі тры з паловай месяцы навучання! Сапраўды, я даведалася шмат чаго карыснага, папоўніла скарбонку цікавымі крыніцамі, якасная літаратурай. Пасля такіх курсаў хочацца быць сучасным, кампетэнтным. Бо, як кажуць, “хто валодае інфармацыяй, той валодае светам”.
         Асобныя словы ўдзячнасці хачу выразіць сваім калегам з курса: якія працавітыя, творчыя, сучасныя  беларускія настаўнікі. Калегі, вельмі цікава было чытаць распрацоўкі ўрокаў (хай сабе і па матэматыцы, біялогіі) і мерапрыемстваў. Будзьма медыяграматнымі разам!

         Для тых, хто асабліва зацікавіўся курсам “Медыяадукацыя ў школе” (так-так, гэта пра Вас!), пакіну некалькі спасылак, з якімі са мной падзяліліся калегі і ментары:
http://www.nastaunik.info/node/14943
http://monda.eu/be
   
P. S. Выбачайце за такі кароценькі агляд такога сур’ёзнага курса! Я ставіла за мэту проста пазнаёміць вас бліжэй J А далей – справа за Вамі!

Комментариев нет:

Отправить комментарий